Статья:

ДА ПЫТАННЯ АБ СВЕТАПОГЛЯДЗЕ К. ЛЫШЧЫНСКАГА

Журнал: Научный журнал «Студенческий форум» выпуск №41(177)

Рубрика: Юриспруденция

Выходные данные
Грос Д.А. ДА ПЫТАННЯ АБ СВЕТАПОГЛЯДЗЕ К. ЛЫШЧЫНСКАГА // Студенческий форум: электрон. научн. журн. 2021. № 41(177). URL: https://nauchforum.ru/journal/stud/177/102323 (дата обращения: 29.12.2024).
Журнал опубликован
Мне нравится
на печатьскачать .pdfподелиться

ДА ПЫТАННЯ АБ СВЕТАПОГЛЯДЗЕ К. ЛЫШЧЫНСКАГА

Грос Дар’я Андрэеўна
студэнт, Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск
Лянцэвіч Вольга Міхайлаўна
научный руководитель, навуковы кіраўнік, дацэнт, кандыдат гістарычных навук, Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск

 

Нягледзячы на тое, што ў другой палове XVII ст. на беларускіх землях, якія на той час уваходзяць у склад Рэчы Паспалітай, усё яшчэ мае высокую папулярнасць клерыкальная ідэалогія, з’яўляюцца і такія мысліцелі, якія шукаюць рацыяналістычныя сродкі асэнсавання рэчаіснасці. У гісторыю вальнадумства і атэізму ў Беларусі XVII ст. яркую старонку ўпісаў выбітны мысляр Казімір Лышчынскі (1634 – 1689), шляхціц, іезуіт з бліскучай адукацыяй і перспектыўнай кар’ерай, які пакінуў усё гэта, каб кінуць выклік богу.

Усё, чым жыў К. Лышчынскі і што яго хвалявала, ён выказаў на лацінскай мове на 265 старонках ненадрукаванага трактата «De non existentia Dei» («Аб неіснаванні Бога»). Мысляр скончыў сваё жыццё на кастры інквізіцыі па абвінавачванню ў атэізме. Творы філосафа былі спалены падчас выканання прысуду. На жаль, даслоўныя высновы, довады і логіка разважанняў Лышчынскага да нас не дайшлі. Пра яго погляды можна судзіць па матэрыялах яго судовай справы [3, с. 134]. Крыніцай вывучэння ідэй філосафа з’яўляюцца таксама пяць фрагментаў трактата «Аб неіснаванні Бога», якія былі выяўлены ў Польшчы і ў 1957 г. выдадзены польскім гісторыкам А. Навіцкім. Ідэі К. Лышчынскага былі сабраны ў пэўную сістэму, а сам ён адкрыта і без агаворак стаяў на пазіцыі адмаўлення існавання звышнатуральнай прыроды Сусвету. К. Лышчынскі на працягу свайго жыцця імкнуўся высветліць сутнасць і паходжанне рэлігіі і веры, прыроду бога. У рашэнні гэтых праблем ён далучаўся да матэрыялістычна-атэістычнай традыцыі старажытных мысляроў. У процівагу хрысціянскай тэалогіі, якая сцвярджае боскае паходжанне рэлігіі, К. Лышчынскі лічыў, што «… рэлігія ўсталявана людзьмі бязвернымі, каб ім аддавалі пашану ... людзі – творцы і стваральнікі багоў ... вера, якую лічаць святой, – гэта чалавечая выдумка» [4, с. 289]. Гэтая выснова зроблена ў выніку тэалагічнага аналізу паняцця бога. Таксама філосаф параўноўваў бога з фантастычным, нават «хімерычным» стварэннем. Такое параўнанне ён аргуменуе тым, што, як хімера ёсць стварэнне старажытнагрэчаскай міфалогіі, так і бог з’яўляецца плёнам фантастычнага ўмроення людзей. Высновы мысляра былі бескампраміснымі і, безумоўна, рэвалюцыйнымі на той час.

К. Лышчынскі таксама аспрэчваў тэзіс багасловаў пра існаванне Боскага Адкрыцця. Ён прыводзіў тэзіс аб тым, што людзі не знаходзяць ні ў саміх сабе, ні ў іншых гэтага загаду розуму, які ўмацоўвае чалавека ў Боскім Адкрыцці. Філосаф аргументаваў свае ідэі наступнымі тэзісамі: калі б у людзей быў бы гэты загад розуму, то ўсе б пагадзіліся, не сумняваліся і не пярэчылі б супраць пісання Майсея і Евангелля (якое К. Лышчынскі лічыў ілжывым). У сувязі з гэтым не існавала б розных вынаходнікаў розных сект і іх прыхільнікаў-магаметан. Адсюль аўтар выказвае даволі лагічную выснову: калі няма Боскага Адкрыцця, то няма і Бога. Аднак дадзенае сцвярджэнне было вельмі негатыўна ўспрынята каталіцкай царквой. К. Лышчынскі не звязваў з воляй Божай і паходжанне свету. Ён абвясціў, што ўвесь навакольны свет існаваў заўсёды, нікім не быў створаны і развіваецца паводле натуральных законаў. Чалавек – гэта стваральнік бога, а бог з’яўляецца стварэннем чалавека [1, с. 71]. Бога філосаф разлядаў не як сапраўдную сутнасць, а як стварэнне розуму. К. Лышчынскі не толькі адмовіў богу ў існаванні, але і паставіў чалавека вышэй за Творцу, абвясціўшы, што Усявышні з’яўляецца прадуктам чалавечага розуму. На судовым працэсе супраць Лышчынскага каралеўскі інстыгатар (пракурор) вінаваціў філосафа-атэіста ў тым, што той асмеліўся на 265 лістах не толькі падаць Пана Бога як няіснае стварэнне фантазіі, сляпую выпадковасць і сапхнуць яго з незвычайнай і недасягальнай вышыні, але і вырашыў прыпісаць уладу і кіраванне Зямлёй і небам натуральнай прыродзе [2, с. 130].

Як згадвалася раней, К. Лышчынскі лічыў ілжывымі пісанні Майсея, Евангелле і ўсё Святое Пісанне. Ён адмаўляў праўдзівасць любога вучэння, якое спрабуе даказаць быццё Бога. Любое вучэнне, няхай яно будзе лагічнае ці філасофскае, якое пышыцца тым, што яно вучыць праўдзе пра Бога, філосаф-вальнадумец лічыў ілжывым. І наадварот, тое, што асуджана як ілжывае, – самым праўдзіваым. К. Лышчынскі таксама сцвярджаў, што ад пісанняў няма ніякай карысці. Гэты тэзіс ён аргументаваў тым, што рэлігійныя тэксты выклікаюць толькі страх, які падтрымліваюць багасловы, ашукваючы народ дзеля сваёй выгады. Прагрэсіўныя ідэі былі выказаны К. Лышчынскім і наконт уплыву рэлігіі на развіццё грамадства. Так, філосаф падкрэсліваў, што рэлігія прыносіць вялікую шкоду грамадству. Ён сцвярджаў, што людзі самі стварылі яе, выдумалі бога, і, як вынік, выклікалі страх божы ў іншых і ўсімі сродкамі падтрымліваюць яго. Негатыўны ўплыў рэлігіі філосаф-атэіст абгрунтоўвае і тым, што само існаванне ідэі «бога» гасіць святло розуму, а менавіта, забівае жывую думку, замінае развіццю навукі, укараняе ў грамадстве невуцтва.

Па крытэрыю стаўлення да рэлігіі К. Лышчынскі вылучаў дзве катэгорыі грамадзян. Да першай групы ён адносіў тых, хто пануе ад імя бога, жыве ў шанотах, але сам не верыць у яго існаванне. Такіх грамадзян філосаф называе ілжэмудрацамі, пустасловамі, бязбожнікамі. У іншую групу філосаф вылучае такіх грамадзян, каго ашукваюць, аблытваюць хлуслівай верай у Бога, але так тонка і хітра, што яны не заўважаюць гэтага, а па сваім невуцтве не могуць гэта зразумець. Удакладняў гэтую думку К. Лышчынскі наступным чынам: «Нават калі б мудрацы, захацелі б яго (народ) вызваліць з дапамогай ісціны ад гэтага прыгнёту, то іх (мудрацоў) уціскаюць пры дапамозе самога ж народа» [4, с. 286]. Такім чынам можна заўважыць, што філосаф набліжаўся да разумення сацыяльнай ролі рэлігіі. Радыкалізм атэістычнай сістэмы К. Лышчынскага абумоўліваў радыкалізм сацыяльна-палітычны. Філосаф разумеў, што адно толькі адмаўленне ад бога не зможа змяніць грамадства. Адпрэчыўшы бога як творцу Сусвету, філосаф не лічыў непарушным і той грамадскі парадак, які, па вучэнні царквы, нібыта існаваў і будзе існаваць вечна. У сваім трактаце мысляр, відаць, спрабаваў выказаць адрознае ад царкоўнага ўяўленне грамадства. Пошукі сацыяльнага ідэалу прывялі яго да ідэй утапічнага сацыялізму. Так, К. Лышчынскі паказвае сваё знаёмства са зместам твораў знакамітых утапістаў таго часу, – «Горадам Сонца» Т. Кампанэлы. У сваім трактаце ён нават спасылаецца на жыццё гарамантаў – неіснуючага народа, грамадскі лад якога апісаны ў рэнесанснай утопіі XVI ст. Антоніо дэ Гевары «Настаўленне хрысціянскага манарха». Лышчынскі, як і Антоніо дэ Гевара, выказваў ідэі скасавання прыватнай уласнасці і пабудову грамадства ўсеагульнай роўнасці і справядлівасці. Такім чынам, ідэі К. Лышчынскага – вяршыня грамадска-палітычнай думкі Беларусі XVII ст. Філосаф узняўся вышэй за скептыцызм старажытных мысляроў. Пакаранне ж смерцю К. Лышчынскага – сведчанне той змрочнай атмасферы, якая ўсталявалася ў Рэчы Паспалітай у выніку перамогі Контррэфармацыі, панавання каталіцкай царквы, езуітаў. Аднак жыццё, дзейнасць і смерць філосафа-вальнадумца ўваскрэсілі ідэю талерантнасці, памножылі лік яго прыхільнікаў, якія ўжо ў наступным стагоддзі пачалі паступова ўводзіць дадзеныя ідэі ў культурны ўжытак. Дзякуючы чаму сфармавалася новае мысленне, новая эпоха – Асветніцтва.

 

Спіс літаратуры:
1. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі XVI–XVIII стст.: хрэстаматыя / Аўт.-склад. Т.І. Доўнар, Ю.П. Доўнар, Л.Л. Голубева; Па рэд. Т.І. Доўнар. – Мінск: БДУ, 2004. – 206 с.
2. Падокшын, С.А. Этычная думка ў культуры Беларусі XVI–XVII стст. / С.А. Падокшын – Мінск: Бел. навука, 2004. – 151 с.
3. Шалькевіч, В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі / В.Ф. Шалькевіч. – Мінск: Маладзёжнае навуковае супрацоўніцтва, 2002. – 248 с.
4. Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: избр. произв. XVI – нач. XIX в. / АН БССР, Ин-т философии. – Минск: Изд-во АН БССР, 1962. – 524 с.